Форум крытыкі і дыялогу

Версия для печатиPDF версия

Аналагічна як у 2016 і 2017 гадах, так і сёлета дамінавала паяднаўчая рыторыка як з боку прадстаўнікоў нямецкага боку, так і з боку беларускага. Тым не менш, форум стаў таксама месцам узняцця і шэрагу праблемных пытанняў.

 

22-24 лістапада 2018 года адбыўся XVI Мінскі форум: мерапрыемства, якое ладзіцца ў Беларусі з 1997 года (з перапынкам у 2011 – 2015 гадах) і з'яўляецца перадусім пляцоўкай для абмяркоўвання нямецка-беларускага супрацоўніцтва. У сёлетнім форуме ўзялі ўдзел больш за 300 удзельнікаў з 20 краін. Асноўнымі тэмамі сталі дыгіталізацыя, эканамічныя трансфармацыі, інвестыцыі, электронны ўрад і ўзаемадзеянне паміж цэнтрам і рэгіёнамі. У форуме ўзялі ўдзел між іншым пасол Нямеччыны ў Беларусі Петэр Дэтмар, старшыня прадстаўніцтва Еўрасаюзу ў Беларусі Андрэа Віктарын, намеснік міністра замежных спраў Беларусі Алег Краўчанка і прадстаўнікі нямецкага Бундэстага. З еўрапейскага боку ў суме прысутнічала больш за 30 афіцыйных прадстаўнікоў палітычных элітаў, а з беларускага боку – не больш за 10. Мерапрыемства насвятлялася ў беларускіх СМІ, у тым ліку дзяржаўных, але не так шырока, як у мінулым годзе, калі форум адбываўся ў арэале юбілею 20 гадоў з моманту паўстання ініцыятывы.

Каментар

 

  • Сёлетні Мінскі форум з'яўляецца шаснаццатым з моманту запачаткавання ў 1997 годзе і трэцім пасля доўгага перапынку 2011 – 2015 гадоў, калі ў сувязі з жорсткім падаўленнем пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года Беларуска-нямецкае таварыства пастанавіла прыпыніць арганізаванне форумаў у Беларусі. Аналагічна як у 2016 і 2017 гадах, так і сёлета дамінавала паяднаўчая рыторыка як з боку прадстаўнікоў нямецкага боку, так і з боку прадстаўнікоў беларускага ўраду. Гэта ў сваю чаргу ўпісваецца ў больш шырокі кантэкст rapprochement паміж афіцыйным Мінскам і заходнімі палітычнымі цэнтрамі, сталым элементам якога з'яўляецца падкрэсліванне, што Беларусь – гэта «донар стабільнасці» і «перамоўная пляцоўка» ў рэгіёне.
  •  
  • Тым не менш, форум быў таксама месцам узняцця і шэрагу праблемных пытанняў. Падчас панэляў прысвечаных грамадска-палітычнай сферы была ўзнята справа смяротнага пакарання, правоў чалавека і дачыненняў паміж бізнэсам і дзяржорганамі. Адносна першага пытання прэсавы сакратар беларускага МЗС Анатоль Глаз паўтарыў стандартны аргумент ad pоpulum: бальшыня беларусаў падчас рэферендуму 1996 года выказалася за захаванне інстытуту смяротнага пакарання. Праблема правоў чалавека ніяк не была адрэагавана беларускім афіцыёзам нават тады, калі адна з прадстаўніц праваабарончых арганізацыяў прывяла факты беспадстаўнага знявольвання бізнэсоўцаў з (імавернай) мэтай забраць бізнес або атрымаць хабар.
  •  
  • Але нават у выпадку менш палітызаваных пытанняў не было на форуме нікога з прадстаўнікоў беларускай улады, хто мог бы змястоўна рэагаваць на праблемныя моманты. Прыкладам, сустаршыня нямецка-беларускага Савета прадпрымальнікаў і дырэктар “Сувязі з грамадскасцю ва Ўсходняй Еўропе” REMONDIS SE Фелікс Цымерман закрануў праблему неверагодна доўгіх тэрмінаў прастою грузавых цягнікоў на мяжы ў Брэсце. З-за такіх прастояў атрымліваецца трагікамічная сітуацыя: цягніку патрэбна ўсяго 5 дзён, каб адолець шлях з Кітая да Беларусі (каля 7,5 тыс. км) і ажно 9 дзён, каб з Беларусі даехаць да Нямеччыны (каля 800 км). Прафесар Райнер Лінднер на правах мадэратара звярнуўся да беларускага боку з пытаннем, ці беларусы не баяцца, што такі стан рэчаў сапсуе Беларусі імідж добрага транзітнага шляху і яны могуць згубіць такога выгаднага карыстальніка беларускімі дарогамі? Ва ўсёй зале не знайшлося ніводнага чалавека, які б мог ад імя дзяржавы даць хоць які-небудзь каментар. Вытрымаўшы адпаведную паузу, спадар Лінднэр вымушаны быў звярнуцца па адказ да самаго спадара Цымермана, які супакоіў ўсіх дыпламатычным выказваннем аб безальтэрнатыўнасці беларускага транзіту, якім бы праблемным ён ні быў.
  •  
  • Новым акцэнтам Мінскага форума стала тэма дыгіталізацыі. І яе варта ўспрымаць не толькі ў вузкім сэнсе IT-індустрыі, але і як сімвал непазбежнага прагрэсу, які змяняе Беларусь. На круглым стале «Культура 4.0: на шляху да будучыні» эксперты праілюстравалі, як гэта працуе на прыкладзе культурнай палітыкі. Дзяржава вымушана «самаабмяжоўваецца» і не надта паглыбляецца ў тое, чаго не разумее (у прыватнасці, кодэкс “Аб культуры” наогул не змяшчае згадак пра дыгіталізацыю). Ёсць тут адмоўны бок, на які звярнула ўвагу старшыня фонду “Культурная спадчына і сучаснасць” Ала Сташкевіч: губляюцца пэўныя ахоўныя нормы і інтэгратыўны падыход. Але варта бачыць тут і своеасаблівы шанец. Па словах мастацтвазнаўцы Аляксандра Зіменкі такі стан рэчаў пакідае болей прасторы вольнай творчасці, «не маркіраванай дзяржаўным бінарным дыгітальным кодам 1 – 0, чорнае – белае». Падобныя змены дыгітальнасць прыносіць і ў іншыя сферы. Палітыку глыбока змянілі сацсеткі як канал камунікацыі і (сама)арганізацыі. Лічбавая эканоміка выплюхваецца за межы Парку высокіх тэхналогій, хоць Дэкрэт № 8 і спрабуе яе затрымаць унутры утульных віртуальных сценаў асаблівымі умовамі і англійскім правам. ІТ змяняе традыцыйную эканоміку. Дзяржаўнае кіраванне засвойвае наўпроставую дыгітальную камунікацыю з грамадзянамі праз платформу 115.бел і паступова выходзіць на ўзровень апрацоўкі Big Data. Мінскі форум стаў добрай нагодай пабачыць далёкасяжны «пабочны эфект» ІТ-прагрэсу ў Беларусі.

Photo: twitter bdg