SLOGANLOGO

BISS в медиа

  • Ці працягваецца ў Беларусі эканамічны крызіс? Якім будзе эканамічнае становішча ў краіне падчас прэзыдэнцкіх выбараў? Як можа адбіцца на Беларусі крызіс эўра?
  • Любое замежнапалітычнае пытаньне актуальнае для выбаршчыка толькі тым, наколькі яно вырашае тыя жыцьцёвыя праблемы, зь якімі сутыкаецца выбаршчык.
 
Расійскі крэдыт - магчымыя наступствы PDF Друк E-mail
Даследаванні і аналітыка / Эканоміка
13.07.2007

Напрыканцы чэрвеня адбыўся чарговы раўнд перамоваў паміж урадамі Беларусі і Расіі аб прадстаўленні крэдыту расійскім урадам. На першы погляд, можа падацца, што Беларусь шукае грошы, каб кампенсаваць страты ад падвышаных коштаў на газ і нафту. Гэтыя грошы (першапачаткова казалася пра 1.5 мільярдаў USD), вельмі блізкія да таго, што Беларусь страціць ад новых коштаў за энерганосьбіты (1.2 мільярды USD, паводле падлікаў Даследчага цэнтру ІПМ плюс страты ад выключэння Беларусі з сістэмы гандлёвых прэферэнцыяў Еўрасаюза, якія першапачаткова ацэньваліся ўрадам у памеры каля 200 мільёнаў USD).

 

Віцэ-прэм’ер Беларусі Віктар Бура нядаўна заявіў, што за перыяд ад студзеня па май 2007 года беларускі бюджэт недалічыўся 430 мільёнаў USD у выніку прымянення новых імпартных мытаў, у той час як прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў што Беларусь мусіла заплаціць за газ у студзені-красавіку 2007 года на 458 мільёнаў USD болей, чым у папярэднім годзе. Калі проста пералічыць гэтую лічбу на цэлы год, то атрымліваецца лічба прыкладна ў 1.8 мільярдаў USD. Такім чынам, зусім невыпадкова, што беларускі ўрад запытаў пра павялічэнне першапачатковага памер крэдыта да двух мільярдаў USD (1.8 мільярды + 200 мільёнаў стратаў па прэферэнцыях), хаця расійскі міністр фінансаў Аляксей Кудрын пакуль гэта не падцвердзіў.

 

Цалкам верагодна, што апетыт беларускіх уладаў расце з прычыны іх адмовы ад рэформаў ды іх няздольнасці адказаць на новыя эканамічныя выклікі. Шэраг беларускіх аналітыкаў сцвярджае, што беларускія ўлады проста не здольныя да патрэбных рэформаў. Замест неабходнага падвышэння інвестыцыяў і ашчаджэнняў, мы назіраем толькі спажывецкі бум, які сведчыць аб тым, што дзяржаўная бюракратыя альбо занадта ўпэўненая ў моцы эканомікі, альбо проста не хоча змяніць склаўшуюся сістэму, што заснаваная на няспынным прадастаўленні субсідыяў і прэферэнцыяў пэўным эканамічным актарам, забяспячэнні ўсеагульнай занятасці і падтрымцы стратных прадпрыемстваў і г.д.

 

Магчыма, ёсць некаторыя падставы турбавацца пра тое, што грошы з Расіі нясуць пагрозу суверэнітэту Беларусі. Для некаторых прадстаўнікоў апазіцыі, крэдыт разглядаецца як доказ паглыблення залежнасці беларускай эканомікі ад расійскіх субсідыяў. Сапраўды, палітычны аспект знешняй пазыкі заключаецца у тым, што паміж крэдыторам і пазычальнікам усталёўваюцца адносіны залежнасці. Яны зводзіцца да таго, што крэдытор можа паспрабаваць паўплываць на пазычальніка палітычна. Каб вярнуць крэдыт, апошні можа быць вымушаны зрабіць незапланаваныя крокі. Здавалася б, зараз у Расіі есць шанец скарыстацца гэтай акалічнасцю. Напрыклад, адной з умоваў атрымання крэдыта было тое, што дзяржаўны бюджет Беларусі трэба перагледзець, каб фінансавая дапамога Расіі ў будучым больш не спатрэбілася.

 

Аднак усё ж падаецца, што драматызаваць сітуацыю не трэба. Перш за ўсе, эканоміка Беларусі не знаходзіцца ў настолькі страшэнным стане, каб яе магла выратаваць двухмільярдная пазыка ў Расіі. Неабходна прыгадаць і тое, што запыт быў зроблены менавіта пра міжурадавы крэдыт. Калі ён будзе дадзены, то знешняя запазычанасць ураду вырасце на два мільярды долараў, альбо на прыблізна 4.5% ад прагнознага паказчыка ВУП на 2007 г.

 

Да апошняга часу, назапашаны знешні доўг Беларусі быў вельмі невялікім. Нацыянальны Банк Беларусі дае наступныя лічбы: на першае студзеня 2007 г. памеры знешняга доўга склалі 6.8 мільярдаў долараў (альбо 18.6% ВУП). Гэта нашмат менш, чым у пераходных эканоміках Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, дзе адносіны памераў доўгу да ВУП вар’іруюцца ад 36.8% у Чэскай рэспубліке да 75.5% у Вугоршчыне і нават да 101.1% у Латвіі. У Беларусі доля дзяржавы ў агульных памеры знешняга доўгу складае 8.6%, у той час калі “банкі” і “іншыя сектары эканомікі” вінаваты нашмат больш (іх сумесная доля дасягае 86%). Сітуацыя са знешнім доўгам у Беларусі далёкая ад таго, каб выклікаць нейкія турботы. Адносіны памеру знешняга доўгу да ВУП у Беларусі таксама даволі нізкія (35% напраканцы 2006 г.). У пераходных эканоміках гэты паказчык вышэй – ад 51.4% у Чэскай рэспубліке да 104.7% у Славеніі і 109.1% у Вугоршчыне, і нават да 214.4% у Латвіі. Увогуле, цягам апошніх двух гадоў знешні доўг урада Беларусі зніжаўся.

 

Што можа здарыцца, калі двухмільярдны крэдыт будзе атрыманы ўрадам Беларусі? Трэба адзначыць, што тэмп росту знешняга доўгу беларускай эканомікі паскорыўся. Калі гэта дынаміка захаваецца цягам бягучага года, дык агульны памер знешняга доўгу можа скласці 10.5 мільярдаў даляраў, альбо каля 24% ВУП у 2007 г. (згодна з прагнозам велічыні ВУП, зробленым Даследчым цэнтрам ІПМ). У гэтым годзе урад плануе прыцягнуць не менш за 1 мільярд даляраў. У гэтым выпадку, памер знешняга ўрадавага доўгу ўзрасце ў 2.8 разы, а аб'ём агульнага доўгу дасягне такім чынам 11.5 мільярдаў долараў, альбо 26% ад велічыні прагназуемага ВУП. Зноў, гэта не трывожная лічба, асабліва калі супаставіць яе са згаданымі вышэй паказчыкамі іншых краіх з пераходнай эканомікай. Што датычыцца апошніх, то некаторыя могуць прывесці аргумент аб тым, што ў краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы знешні доўг “сканцэнтраваны” ў прыватным сектары эканомікі, які працягвае вабіць замежных інвестараў. Прыток капіталу такім чынам грунтуецца на сталых спадзяваннях інвестараў на трывалы рост эканомікі і даходаў насельніцтва гэтых краін. Такім чынам, няма прычын, каб клапаціцца пра немагчымасць выплаты пазыкаў. Аднак досвед азіяцкага крызісу 1997 г. паказывае, што нават растучыя эканомікі не маюць імунітэту да адтоку капітала – прыватныя пазычальнікі не лепш за дзяржаўных.

 

Што да Беларусі, то страх паходзіць з даволі маруднага прагрэсу эканамічных рэформаў (гл. на гэты конт апошні ‘Transition Report’, падрыхтаваны Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця). У сваю чаргу, урад Беларусі не дэманструе адэкватнай рэакцыі на выклікі ад павышэння цэнаў на энерганосьбіты і пагаршэння канкурэнтаздольнасці на традыцыйным для Беларусі расійскім рынку. Нават планы прыватызацыі дзяржаўных прадпрыемстваў, агучаныя ў пачатку года, больш не абмяркоўваюцца. Гэта можа быць знакам таго, што эканоміка па-ранейшаму больш-менш эфектыўна “кіруецца” (каб пазбегнуць крызісу). Напрыклад, напрыканцы першага кварталу 2007 г., прафіцыт дзяржаўнага бюджэту дасягнуў сумы у 10% ВУП (4.2% год таму). Калі гэтая тэндэнцыя захаваецца цягам бягучага году, наўрад ці трэба чакаць нейкіх праблемаў з выплатай міжурадавай пазыкі. Па словах міністра эканомікі Беларусі Мікалая Зайчанкі, міжурадавая пазыка “больш эфектыўная” за тыя “наяўныя рэсурсы”, якія “могуць быть накіраваныя на дасягненне іншых мэтаў”.

 

Чаму ж тады ўрад Беларусі звяртаецца да Расіі? Былы старшыня Нацыянальнага Банку, Праф. Станіслаў Багданкевіч адзначае, што Міжнародны валютны фонд (МВФ) мог бы даць крэдыт на больш выгодных для Беларусі ўмовах (калі казаць пра працэнтныя стаўкі), чым урад Расійскай Федэрацыі. Праф. Багданкевіч лічыць, што апошні можа, напрыклад, прадставіць крэдыт пад 12% гадавых (а гэта азначае 240 мільёнаў абслугоўвання доўгу). У той час, МВФ можа даць грошы пад, напрыклад, 5% гадавых (што вядзе да ўсяго 100 мільёнаў абслугоўвання доўгу). Гэта 140-мільённая розніца можа разглядацца як вельмі маленькая цана за зручнасць у часе перамоваў наконт гэтага самага крэдыта. Аднак галоўнае ўсе ж тое, што МВФ дае крэдыты на пэўных умовах, галоўная з якіх – ажыццяўленне маштабных рынкавых рэформаў. Такі сцэнар у сучаснай Беларусі нават не абмяркоўваецца.

 

Расія ж прынцыпова адрозны знешнеэканамічны і знешнепалітычны партнёр. У яе ўжо есць пэўны досвед давання “палітычных” крэдытаў, якія далёка не заўсёды былі сплачаныя ў акрэслены час ці ў патрабаваным памеры. Расійскі часопіс “Новы Час” піша, што часта “геапалітычныя” саюзнікі Расіі атрымлівалі крэдыты, якія потым “дараваліся”. Ёсць і канкрэтныя выпадкі: Сірыя і Алжыр перад распадам СССР і зусім свежы – Венесуэла ў Лацінскай Амерыцы, не кажучы ўжо пра Беларусі, якая мае агульную мяжу с пашыраным ЕЗ. Апошні, па словах расійскага Міністра замежных спраў Лаўрова, “культывуе падазронасць да Расіі”. Журналісты “Новага Часу” таксама выяўляюць, што расійска-венесуэльскія вайсковыя кантракты змяшчаюць бартэрныя разлікі, а не “жывыя грошы”. У гэтай сувязі зусім не выпадкова, што Беларусь можа паспрабаваць згуляць у такім жа кірунку. Напрыклад, “шантажыяваць” Расію спробамі супроцоўніцтва з ЕЗ, які не хавае свайго “падазрэння” да яе. У сваю чаргу, два мільярды даляраў для Расіі– надта маленькая цана за тое, каб здзейсніць свае геапалітычныя планы, заснаваныя на імперскіх амбіцыях. У гэтым выпадку гісторыя з атрыманнем расійскага крэдыту будзе выглядаць, гаворачы вельмі груба, простым, але праніклівым крокам па “вымантачванню” грошай.

 

Калі ж гэта не атрымаецца і Расія прымусіць сплочваць крэдыт, то урад цалкам здольны справіцца з гэтай праблемай. Даўгі ўрада вельмі малыя, калі разглядаць знешні доўг у цэлым. Медыйны шум, які суправаждае перамовы паміж двумя ўрадамі звязаны з адчуваннем, што калі беларускі бок аб’мяркоўвае доўг – гэта сама па сабе ўжо прыкмета нарастальных праблемаў у беларускай эканоміцы, якія ўрад павінен тэрмінова вырашыць. Прэзідэнт Беларусі пацвердзіў у сакавіку 2007 г., что “расійскі крэдыт” на самой справе выгадны для Расіі, таму што ён не дазволіць у будучым нейкім чынам “дэстабілізаваць” беларускую эканоміку.

 

Дынаміка і структура знешняга доўгу сведчыць пра тое, што камерцыйныя банкі і “іншыя сектары эканомікі” (г.зн. прадрыемствы “рэальнага сектару”) нашмат больш актыўна, чым урад, пазычаюць за мяжой. Паміж студзенем і красавіком бягучага года, беларускія банкі павялічылі памер свайго знешняга доўга на 34.3% (калі за той жа перыяд мінулага года было зарэгістравана зніжэнне гэтага паказчыка на 3.4%). Што да іншых сектароў эканомікі (які ўключае прадпрыемствы), дык памер доўгу тут павялічыўся за першыя чатыры месяцы 2007 г. на 35.2% (за той жа перыяд 2006 г. гэты паказчык склаў 0.7%). На самой справе, гэта “іншыя сектары эканомікі”, якія вінаватыя больш за ўсіх – 65% ад агульнага памеру знешняга доўгу (у адпаведнасці з дадзенымі Нацыянальнага банка). Напрыклад, беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы плануюць актыўна карыстацца знешнімі пазыкамі, паколькі беларуская банкаўская сістэма не здольная забяспечыць іх ў патрэбным памеры сродкамі для мадэрнізацыі вытворчасці. Аднак больш істотна тое, што беларускія пазыкі каштуюць нашмат больш, чым замежныя. А гэта досыць важны фактар для вытворцаў, якія павінны скарачаць выдаткі, каб заставацца канкурэнтаздольнымі.

 

У сваю чаргу, у банкаўскім сектары можна нагадаць некалькі прыкладаў карыстання замежнымі крэдытамі. “Белаграпромбанк” прыцягнуў 1 мільярд расійскіх рублеў (ад расійскага “Знешторгбанка”). Акрамя гэтага, падчас адкрыцця філіі гэтага банка ў Мілане было дамоўлена, што замежныя банкі дадуць беларускім банкам крэдытаў на 210 мільёнаў еўра для фінансавання рэальнага сектару эканомікі. Акрамя гэтага, галандскі банк “ABN-Amro” згадзіўся выдзяліць 1 мільярд даляраў. Раней у бягучым годзе, “Белгазпрамбанк” і “Беларусбанк” абвесцілі, што нямецкія банкі гатовыя даць ім 35 мільёнаў і 38 мільёнаў даляраў адпаведна. Трэба таксама ўзгадаць, што два расійскія банкі набылі два беларускія банкі (“Міжторгбанк” і “Слаўнафтабанк”). Нарэшце, “Прыёрбанк” прыцягнуў 100 мільёнаў даляраў ад “VTB Bank Europe”.

 

Падводзячы вынікі, трэба адзначыць, што ўрад не спадзяецца выключна на міжурадавы крэдыт. Гэтае пытанне ўзнікла падчас беларуска-расійскай “нафта-газавай вайны”. Крэдыт быў патрэбны, каб забяспечыць беларускай эканомікцы неабходнае “палягчэнне” – аднак заўсёды трэба мець на ўвазе “палітычны прысмак” гэтага пытання. Наогул, Расія – далёка не адзіная крыніца крэдытных сродкаў для беларускай эканомікі, улічваючы як пазначаную вышэй інфармацыю, так і пашырэнне супрацоўніцтва з краінамі Блізкага Усходу (хаця памеры двухбаковых трансакцыяў пакуль што невядомыя).

 

Аднак, як можна пабачыць з дадзеных і навінаў, знешняя запазычанасць пачала расці даволі істотна і ў гэтым працэсе галоўную ролю граюць банкі і буйныя прадпрыемствы, а не ўрад. У будучым сітуацыя будзе залежыць ад таго, якім чынам гэтыя крэдытныя рэсурсы будуць выкарыстаныя. Знешні доўг становіцца праблемай для эканомікі тады, калі пазычальнікі ня здольныя выплаціць свае пазыкі. Аднак гэта наўрад ці чакаецца ў кароткай і сярэднетэрміновай перспектыве, улічваючы як ня вельмі значны памер крэдытавання, так і яго мэты (а часта гэта мадэрнізацыя прадпрыемстваў).