SLOGANLOGO

BISS in media

 
Smart Blog
Канец аднапалярнага моманту: Абама прадставіў новую стратэгію нацыянальнай бяспекі
Blog Image Дзяніс Мельянцоў

Днямі прэзідэнт Барак Абама прадставіў гораду і свету новую стратэгію нацыянальнай бяспекі ЗША. Паводле традыцыі, кожны амерыканскі прэзідэнт мусіць фармуляваць уласную стратэгію бяспекі, якой будзе кіравацца падчас сваёй кадэнцыі. Што ж новага ў новай стратэгіі бяспекі ЗША?

Першае, і самае галоўнае, гэта прызнанне шматпалярнасці свету і неабходнасці шматбаковага падыходу ў знешняй палітыкі Штатаў. У папярэдніх стратэгіях бяспекі, якімі ЗША кіраваліся за Бушам Малодшым (выпушчаныя ў 2002 і 2006 гадах) Злучаныя штаты разглядаліся як адзіная супердзяржава, якая можа самастойна вырашаць міжнародныя праблемы. Зараз жа новы амерыканскі прэзідэнт прызнае, што ягоная краіна не ў стане аднаасобна супрацьстаяць новым пагрозам.

Па-другое, новая стратэгія нацыянальнай бяспекі скіраваная не толькі на знешнія пагрозы але таксама і на вырашэнне ўнутраных праблем. Напрыклад, вялікая ўвага будзе надавацца барацьбе з радыкальнымі рухамі на тэрыторыі саміх Злучаных штатаў.

Па-трэцяе, гаворачы пра міжнароднае супрацоўніцтва, новая стратэгія падкрэслівае неабходнасць усталяваць больш цеснае партнёрства з Расіяй, Кітаем і Індыяй. Да рэчы, гэты кавалак дакумента ўжо быў вельмі станоўча ацэнены расійскім МЗС. Акрамя гэтага, ЗША плануюць здзейсніць зрух ад G8 да G20, якая мусіць стаць галоўным форумам міжнароднага эканамічнага супрацоўніцтва.

Пры гэтым старыя саюзнікі (ЕС, Ізраіль, Паўднёвая Карэя і інш.) таксама не забытыя. Але ня гледзячы на пабудову больш шчыльных партнёрскіх адносінаў з іншымі краінамі ЗША не плануюць адмаўляцца ад уласнай вайсковай перавагі: “ЗША застаюцца адзінай дзяржавай, здольнай весці буйнамаштабныя вайсковыя аперацыі на далёкай адлегласці”.

Па-чацвёртае, стратэгія экспліцытна вызначае чатыры пастаянных нацыянальных інтарэсы ЗША: гэта бяспека, росквіт, каштоўнасці і міжнародны парадак.

Праўда, варта адзначыць, што ня гледзячы на дэкларацыю гэткай ліберальнай знешняй палітыкі адміністрацыя Абамы, ў цэлым, пакуль працягвае прытрымлівацца знешнепалітычнай лініі свайго папярэдніка, Джорджа Дабл’ю Буша. ЗША пашыраюць свой кантынгент у Аўганістане, не відаць канца прысутнасці ў Іраку, база ў Гуантанама так і не была зачыненая…

Што новая амерыканская стратэгія можа азначаць для Беларусі? Бадай што нічога асабліва новага. Каштоўнасці і прасоўванне дэмакратыі застаюцца на парадку дня адміністрацыі Абамы. Але, ў адрозненні ад рэспубліканцаў, дэмакраты наўрад ці будуць імкнуцца дамагчыся сваіх мэтаў праз здзяйсненне рэвалюцыйных сцэнароў. Таму ня варта чакаць, што ЗША будуць рабіць стаўку на беларускую апазіцыю і ўкладацца ў чарговую “каляровую” рэвалюцыю. Тым больш ва ўмовах “перазагрузкі” адносінаў з Расіяй. У Злучаных штатаў зараз процьма ўласных праблем, звязаных з вайсковымі аперацыямі, барацьбой з тэрарызмам, пераадоленні эканамічнага крызісу… І на іх няма чаго моцна разлічваць у справе дэмакратызацыі Беларусі. Свае праблемы мы павінныя вырашаць самі.
administrator 29.05.2010 Comment Comments (0) Hits Views (991)
Comments (0)