SLOGANLOGO

BISS in media

 
Smart Blog
Хайекам па цюльпанах, альбо чаму лібералізацыя – найлепшая для Лукашэнкі контррэвалюцыя.
Віталь Сіліцкі

Незалежныя інтэрнэт выданні дагэтуль спрачаюцца, чаму Лукашэнка так нярвова адрэагаваў на апошнюю рэвалюцыю ў Кыргызстане, хаця адказ проста ляжыць на паверхні. Падзеі ў Кыргызстане спавадавалі амаль дакладна тыя ж захады Масквы, якія яна апошнім часам прымяняе да сваіх нелаяльных партнэраў па постсавецкай прасторы, і ў першую чаргу да Беларусі – “прагматызацыя” адносінаў у нафтагазавай сферы за палітычную нелаяльнасць, рэзкае скарачэнне нафтагазавага гранту шляхам падвышэння коштаў і мытаў, потым зацягванне з выдзяленнем крэдыту, які мусіў кампенсаваць страты ад высокіх коштаў на энерганосьбіты. Па раскладам некаторых апазіцыйных беларускіх палітыкаў і аналітыкаў, у выніку аналагічных дзеянняў у адносінах да Беларусі рэжым Лукашэнкі мусіў ужо калі не сканаць, то канкрэтна “нахіліцца” (пералічваць і перапісываць г.зв. “прагнозы” 2007-2009 года проста няма часу – хто хоча можа прагугліць).

Чакалі ў Мінску, але “мара ідыётаў” здзейснілася (другі раз за пяць год) ў Бішкеке. Чаму тое, што кыргызу смерць, беларусу аказалася нават і добра (не здарма Лукашэнка ў нядаўнім пасланні парламенту прызнаў, што менавіта ўсціск Крамля прымусіў беларускую эканоміку і ўлады напрагацца), паразмаўляем трошкі пазней. Пакуль зазначым, што дакладна акрэсліўшыся алгарытм дзеянняў Расіі на постсавецкай прасторы ставіць кардынальна новыя выклікі перад Лукашэнкам на чарговы этап яго панавання.

Расія публічна адмовілася ад старога прынцыпу не кантактаваць з апазіцыйнымі структурамі іншых постсавецкіх дзяржаваў і не дэстабілізаваць існуючыя ўрады эканамічным і палітычным усціскам. У адрозненне ад 2005 года, калі Крэмль проста прызнаў дэ-факта склаўшуюся новую ўладную канфігурацыю, у 2010 годзе Масква наўпрост спавадавала рэвалюцыю сваімі эканамічнымі захадамі. Да новых знешнепалітычных рэалій можна дадаць і фактычны крах АДКБ (і гэта, дарэчы, за старшыньствам Расіі!): цяпер відавочна, што пры ўзнікненні крызісных сітуацый  постсавецкім лідарам трэба спадзявацца толькі на сябе, ірваць адно вядомае месца на брытанскі сцяг за іхнюю скуру ніхто не збіраецца. Аўтарытарны інтэрнацыянал  постсавецкіх дыктатараў спасціг лёс усіх “прагматычных” хаўрусаў, якія не засноўваюцца на прынцыпах і каштоўнасцях – яны рассыпаюцца як картачны домік, калі свая рубашка аказваецца бліжэй да цела.

Можна шукаць патаемныя прычыны таго, што Лукашэнка вывез Бакіева ў Беларусь, нейкімі ўзаемнымі інтарэсамі і сяброўствам абодвух з Беразоўскім, але тут як раз тая сітуацыя, калі наступствы нашмат важнейшыя за прычыны: Лукашэнка канчаткова паказаў Расіі і свету што ён самастойны знешнепалітычны гулец, які не збіраецца дзейнічаць па любым сцэнары, што навяжа яму Масква. Рэакцыя  Масквы не заставіла сябе чакаць, і нельга сказаць, што Лукашэнка “пралічыўся”, нарваўшыся на адмову Мядзведзева даваць зніжкі нелаяльнай Беларусі: думаю, такое рашэнне было прынятае расійскім кіраўніцтвам загадзя і Лукашэнка пра гэта ведаў. Таму ў яго ўзнікла яшчэ адна нагода “хлопнуць дзвярыма” перад тварам хаўрусніка, перад тым як канчаткова адплыць у шматвектарнасць.

Дарэчы, пра шматвектарнасць. Лёс Курманбека Бакіева дэманструе лепш за мільён словаў, якая гэта слізкая рэч і як можна зайграцца, балансуючы паміж “геапалітычнымі монстрамі” так, што потым ад самаго касцей не збяруць. У прынцыпе, Бакіеў спрабаваў рабіць тое, што нашмат раней і нашмат больш паспяхова рабілі беларускія ўлады – ён ператварыў геапалітычную лаяльнасць у тавар, які, па словам беларускага прэзідэнта, можна “выгодна прадаць”.  Сваё невялічкае ханства ён будаваў па схеме “грошы ў абмен на пацалункі”, абяцаўшы адным за грошы выкінуць з Кыргызстану авіябазы ЗША, іншым – пакінуць.

Дайграўся да таго, што верыць перасталі і тыя і іншыя, і ў справу ўступілі рычагі сілавога ўздзеяння. Але тут Бакіеў, у адрозненне ад Лукашэнкі, аказаўся ў надзвычай невыгодным становішчы. Кыргызстан, у адрозненне ад Беларусі, дзяржава, якая мае хоць нейкіх фактараў устойлівасці і функцыянаваць без знешняга патранажу і фінансавай дапамогі можа вельмі нядоўга. Тут справа і ў недзеяздольнай эканомікі і ў банальных прыродных і культурных фактарах, якія страшэнна замінаюць аднаасобнаму кантролю над усёй краінай з фармальнага палітычнага цэнтру. Навогул, усталёўваць ханскі рэжым у горнай мясцовасці і без некалькі дзесяткаў нафтавых вышак вельмі складана. Датаго ж, Бакіеву і не было часу за пяць год будаваць дзяржаўныя інстытуты – трэба было думаць, як пераразмяркаваць рэшткі нацыянальнага багацця паміж сям’ёй і прыбліжанымі. У выніку, яго скінула натуральна склаўшаяся кааліцыя тых, каму не хапіла.

Ітак,у шматвектарнасць аўтакратам лепш гуляць або калі яны маюць добрую рэсурсную базу або калі (як калісці Ціта) выбудавалі больш- меньш жыццяздольную мадэль унутры краіны. Беларусь даўно прайшла праз стадыі першапачатковага накаплення палітычнай і эканамічнай улады. У ёй збудаваныя базавыя інстытуты і няма чыннікаў, якія замінаюць палітычнаму і тэрытарыяльнаму кантролю над краінай з цэнтру. Праўда, што змяненне ўмоваў гандлю з Расіяй не было гвалтоўным, што дало магчымасць для адаптацыі, пошуку новых гандлёвых партнэраў і крэдытораў.  Аднак, Беларусь застаецца і застанецца краінай з вельмі адкрытай эканомікай, а, як след, і вельмі уразлівая для знешняга ўсціску. Устойлівасці беларуская эканоміка так і не набыла – імкліва павялічваючысяся знешнегандлёвы дэфіцыт і назапашванне знешняга доўгу паказваюць, што беларускія ўлады хутчэй адклалі рашэнне праблемаў, назапашваючы іх на будучыню.

Але нельга адмаўляць, што за апошнія два-тры гады кардынальна змяніўся менталітэт беларускай улады, прынамсі што да чаканняў ад усходняга суседа.

З выказванняў Лукашэнкі падчас яго штогадовага паслання Нацыянальнаму сходу 20 красавіка можна зрабіць выснову, што беларуская ўлада канчаткова развіталася з марамі пра павяртанне да блаславенных ельцынскіх часоў. Шматвектарнасць для Лукашэнкі – адзіная магчымасць для выжывання, але ж шматвектарнасць па-Бакіеву яму, вядома ж, не патрэбна. Ён разумее, што канфігурацыя пагрозаў і выклікаў для яго кардынальна змянілася. Стабільнасць яго ўлады залежыць не ад таго, колькі яшчэ апазіцыянераў ён кіне за краты, а ад таго, ці зможа беларуская эканоміка функцыянаваць пры высокіх коштах на энергію, ці здолеюць беларускія прадпрыемствы прабіцца на новыя рынкі, ці зможа дзяржава забяспечыць занятасць тым, чыя прадпрыемствы ўжо ніколі не вернуць страчаным рынкам. Зараз не час да закручвання гаек для адпору “каляровым рэвалюцыям”.  Пятую калону Масква безумоўна стварае, але пагрозы ад яе – не больш чым ад дохлай рыбы, што пасылала асуджанаму на смерць чыкагская мафія (забівае не сама рыба, а той, хто яе паслаў, або, скажам, прафінансаваў вядомыя паштоўкі).

Пры такіх выкліках, як гэта ні парадаксальна, галоўная контррэвалюцыйная мера Лукашэнкі – гэта акурат тая самая лібералізацыя, пра якую ён так громагалосна заявіў у штогадовым пасланні. Вядома, размова ідзе пакуль пра тое, як злібералізаваць, нічога насамрэч не крануўшы. Але правалы ў інвестыцыйнай палітыцы і відавочнае назапашванне праблемаў у знешнім і рэальным сектарах акрэсліваюць межы дэманстрацыйнай лібералізацыі. Відаць, гэтыя межы ўжо разумеюць і на Карла Маркса 38. Ёсць сігналы (тая ж прыватызацыя гадзіннікавага заводу, дзе ў хуткім часе магчымыя масавыя звальненні), што ўлада пачынае пераглядваць стары сацыяльны кантракт.

Пошук устойлівасць таксама вымагае дыверсіфікацыі знешнепалітычных і знешнеэканамічных партнэраў. Партнэры бываюць розныя і з кожным трэба паводзіць паасобна – з кімсці не папьеш гарэлкі, нехта будзе злавацца на парушэнне правоў чалавека. Безумоўна, для беларускіх уладаў зараз магістральная мэта – знайсці ў якасці крыніцаў крэдытаў і інвестыцый тых, хто не будзе абумоўліваць грошы палітычнымі ўмовамі. Калі гэта не Расія, то найперш, вядома, Кітай. Але, нажаль, для беларускіх уладаў, Кітай займаецца хутчэй інвеставаннем чым спонсарствам або выдзяленнем стабілізацыйных пазыкаў. Трэба прапаноўваць інвестыцыйныя праекты, якія будуць выгодныя акурат Кітаю, замацоўваць яго пазіцыі ў рэгіёне і прасоўваць інтарэсы яго кампаній. Пакуль такіх праектаў рэалізавана няшмат і з абяцаных Беларусі інвестыцый засвоена з гулькін нос ( а стары своп да гэтуль замарожаны).  Як не круці, а нейкая лібералізацыя спатрэбіцца нават пры апоры на Кітай.

Сумуючы, можна зрабіць выснову, што выклікі, якія сёння склаліся перад беларускімі ўладамі, вымагаюць іншых адказаў, чым тыя, якімі рэжым змагаўся з каляровымі рэвалюцыямі. Лібералізацыя эканомікі і дасягненне рэальнай шматвектарнасці абмяжоўваюць магчымасці выкарыстання рэпрэсіўных мераў унутры краіны. Лукашэнка разумее гэта сам, прапануючы некаторым з канстытуентаў (тым жа былым “вшывым блохам”)  дыялог і  сацыяльнае партнэрства, пры гэтым адмаўляючы як і раней у легітымнасці іншым (апазіцыі).  Стратэгія выжывання беларускай улады на бліжэйшыя чатыры-пяць год – гэта не аўтарытарная мадэрнізацыя, а дэкансалідацыя сістэмы, якая склалася на пачатку 2000х. Працэс гэты вымушаны і кантраляваны, але, відаць, незваротны. Пра контуры і дынаміку гэтай дэкансалідацыі мы паразмаўляем пазьней. Пакуль што проста пазначым “магістральны напрамак” развіцця краіны на бліжэйшы час.

administrator 22.04.2010 Comment Comments (0) Hits Views (1310)
Comments (0)