«Аргентына – Беларусь: новае адкрыццё?» Сустрэча экспертаў з паслом Аргентыны

19.09.2018
Друкаваная версіяPDF версія

 

Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS) і Цэнтр эканамічных даследаванняў (BEROC) арганізуюць сустрэчу экспертаў «Аргентына – Беларусь: новае адкрыццё?» з Рыкарда Лагорыа, паслом Аргентынскай Рэспублікі ў Расійскай Федэрацыі.

 

Сустрэча пасла з беларускімі экспертамі будзе часткай больш шырокай праграмы яго візіту ў Менск 24 – 26 верасня, у межах якой адбудзецца ўручэнне даверчых граматаў прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку на адмысловай цырымоніі 25 верасня.

 

У ходзе эксперцкай сустрэчы пасол Лагорыа раскажа пра стан адносін паміж Аргентынай і Беларуссю, прыярытэтах старшынства Аргенціны ў G20 і знешняй палітыцы Аргентыны. Беларускія эксперты будуць мець магчымасць задаць свае пытанні або прапанаваць свае каментары па розных аспектах пералічаных тэмаў.

 

Пасол будзе прамаўляць па-ангельску; будзе запэўнены пераклад на беларускую.

 

Мерапрыемства адбудзецца 24-га верасня (панядзелак) а 17:30 ў IBB Цэнтры (пр. Газеты «Праўда» 11).

 

У выпадку, калі вы зацікаўлены ва ўдзеле ў мерапрыемстве, калі ласка, напішыце на адрас info@belinstitute.eu да 22 верасня. Паколькі сустрэча не з'яўляецца публічнай, арганізатары пакідаюць за сабой права не задаволіць усе запыты.

 

--------

Пасол Рыкарда Лагорыа з'яўляецца прафесійным дыпламатам з рангам паўнамоцнага пасла. У чэрвені 2017 года ён быў прызначаны паслом Аргентыны ў Расійскай Федэрацыі і, адначасова, у Беларусі, Казахстане, Кыргызстане, Узбекістане і Туркменістане. Апроч выбітнай дыпламатычнай кар'еры, ён мае багатае акадэмічнае заплечча. Сп. Лагорыа выкладаў ва Універсітэце Буэнас-Айрэса, Аргентынскім каталіцкім універсітэце, Універсітэце Торквато Дзі Тэлла, Амерыканскім універсітэце і інш. Ён з'яўляецца членам Амерыканскай асацыяцыі паліталогіі і дарадцам Аргентынскай рады міжнародных адносінаў, вядучым аргентынскай фабрыкай думак у галіне міжнародных адносінаў. У кастрычніку 2018 года пасол Лагорыа будзе спікерам на 16-ым штогадовым Радоскім Форуме, арганізаваным Даследчым інстытутам «Дыялог цывілізацый» (DOC).