Максім РУСТ. Пара падумаць, што Беларусь можа запрапанаваць Еўрасаюзу

Друкаваная версіяPDF версія

24 лістапада ў Брусэлі адбыўся пяты саміт Усходняга Партнёрства (УП). Як перад кожным папярэднім самітам, у некаторых асяроддзях назіраўся ўздым надзей і чаканняў; многія ставілі пытанне, ці раптам гэта падзея не стане пераломнай у адносінах Беларусі і ЕС. Але задоўга да саміту па заявах еўрачыноўнікаў было відаць, што вынікі сустрэчы будуць відавочныя і прадказальныя. Так яно і было.

 

Найбольшай інтрыгай было пытанне, ці паляціць на саміт беларускі прэзідэнт. Пасля таго, як стала вядома, што замест Алякандра Лукашэнкі краіну будзе прадстаўляць кіраўнік дыпламатыі Уладзімір Макей, адразу ж з’явіліся каментары, што гэта рэверанс у бок Масквы, маўляў, прэзідэнт пабаяўся магчымай рэакцыі Расіі. Натуральна, расійскі фактар меў значэнне, але ўсё ж не першаснае. Беларускае кіраўніцтва ад пачатку ўспрымала УП у прагматычных катэгорыях і гэты прагматызм праявіўся таксама і пры планаванні ўдзелу ў сёлетнім саміце. У Мінску проста падлічылі ўсе плюсы і мінусы, і мінусаў асабістага візіту Лукашэнкі аказалася больш. Узровень прадстаўніцтва не меў асаблівага ўплыву ні на ход саміту, ні на яго вынікі, ні на парадак дня ў беларуска-еўрапейскіх адносінах – гэта добра разумелі дарадцы прэзідэнта. У той жа самы час сваім няўдзелам Лукашэнка больш выйграў, паколькі стварыў шырэйшае поле для лавіравання на геапалітычным палетку.

 

Пад канец саміту ўсе краіны-удзельнікі падпісалі супольную дэкларацыю, якая, у адрозненне ад дэкларацыі пасля апошняга саміту ў Рызе, была вельмі агульным дакументам. У ёй няма крытыкі на адрас Расіі (увогуле яе вырашылі абыйсці маўчаннем). Па словах Макея, урэшце Еўропа зразумела, што УП павінна быць праектам супрацоўніцтва паміж яго ўдзельнікамі, а не „супрацоўніцтвам супраць” (маецца на ўвазе Расія). Варта прыкмеціць, што такая пастаноўка справы адпавядала не толькі Беларусі - некаторыя краіны ЕС таксама не хацелі дададковага напружання з Расіяй, перадусім Італія. Старшыня Еўрапейскай Рады Дональд Туск заявіў, што можа і хацеў бы больш амбіцыёзнай дэкларацыі, але кампраміс і дэманстрацыя адзінства былі важнейшыя.

 

Падчас саміту ўдзельнікі таксама ўзгоднілі праграму супроцоўніцтва на бліжэйшыя тры гады, якую назвалі „20 дасягненняў да 2020 году”. Аднак да пачатку саміту Беларусь, у адрозненне ад іншых краінаў-бенефіцыентаў, не паспела абмеркаваць канцэпцыю развіцця адносінаў з ЕС у межах УП на бліжэйшыя два гады. Гэты дакумент пад назвай „Прыярытэты партнёрства” на сёння налічвае некалькі напрамкаў у галіне эканамічнага, сацыяльнага і фінансавага супрацоўніцтва. Беларускі бок стараўся абмінуць усе напрамкі, звязаныя з пытаннем палітычнай і дэмакратычнай трансфармацыі і правоў чалавека.

 

Па выніках саміту і заявах Макея відаць, што Беларусь у працэсе падрыхтоўкі да наступнага саміту ў 2019 годзе будзе факусавацца на двух справах: падпісанні Базавай дамовы аб супрацоўніцтве з ЕС і спрашчэнні візавага рэжыму. На фоне шасці кран-удзельнікац праграмы УП Беларусь у гэтых справах явіцца як краіна-аўтсайдэр. Патрэба падпісання і ратыфікацыі Базавай дамовы не выклікае дадатковых пытанняў – Беларусь і ЕС развіваюць свае адносіны на падставе дакументаў больш чым дваццацігадовай даўніны, і яны, зразумела, не дапасаваны да наяўнай геапалітычнай рэчаіснасці.

 

Што тычыцца візавай лібералізацыі, то заява Макея пра тое, што пагадненні ў гэтым напрамку будуць падпісаныя на працягу бліжэйшых двух гадоў, выклікала найбольшы ажыятаж. Але тут больш апраўданым будзе здаровы песімізм – беларускі бок неаднаразова заяўляў пра гатоўнасць да візавай лібералізацыі з ЕС, але на заявах справа і завяршалася. Пытанне сапраўднай візавай лібералізацыі будзе абумоўлена развіццём геапалітычнай сітуацыі ў нашым рэгіёне ў бліжэйшыя два гады.

 

Калі падсумаваць, то беларускі бок даволі эфектыўна рэалізуе сваё бачанне УП і прасоўвае супрацоўніцтва ў канкрэтных галінах, якія цікавяць Мінск. Гэта перадусім эканоміка, інфраструктуральныя праекты і магчымасць атрымаць фінансавую дапамогу. Пытанні дэмакратыі, рэфармавання палітычнай сістэмы ці правоў чалавека Мінск стараецца абмінаць. І хоць некаторыя еўрапейскія краіны абумоўліваюць далейшае супрацоўніцтва і дапамогу Беларусі поспехамі менавіта ў галіне дэмакратызацыі і правоў чалавека, у цяперашняй сітуацыі ЕС аддае перавагу палітыцы малых крокаў і прымае Беларусь такой, якая яна ёсць. Справа палітычных патрабаванняў адсунута на другі план; маўляў, магло б быць і горш, чым ёсць зараз. Такі падыход кіраўнік беларускай дэлегацыі пахваліў, адзначыўшы, што гэта правільны накірунак: індывідуальны падыход да кожнага ўдзелькіка і канкрэтныя, а не нейкія тэарэтычныя, праекты, рэалізацыю якіх адчуе грамадства краінаў-удзельнікаў УП.

 

Трэба прызнаць, што Усходняе Партнёрства з вельмі амбітнай ініцыятывы ператварылася ў кволы і бюракратычны праект. Але ўжо тое, што саміт адбыўся і была падпісаная сумесная дэкларацыя, трэба расцэньваць як поспех праекту, які паказвае, што УП існуе і дзейнічае. Варта памятаць, што яшчэ нядаўна мэтазгоднасць існавання УП ставілася пад пытанне. Беларускі бок павінен зразумець, што палітыка лавіравання можа і аплочваецца, але так не будзе да бясконцасці і цалкам абмінуць палітычныя пытанні не атрымаецца. Мінск павінен таксама змяніць свой падыход да праекту: не успрымаць яго толькі ў катэгорыі „Што ЕС можа даць Беларусі?”, але і пачаць думаць, што Беларусь можа запрапанаваць ЕС. І ў Мінска ёсць на гэта два гады.

 

Максім Руст, супрацоўнік New Eastern Europe, у 2017/18 гг. - стыпендыят праграмы К. Каліноўскага - стажыроўкі