Суд ЕС: Чыж гуляе з Лукашэнкам у хакей. І што?

Друкаваная версіяPDF версія

Суд Еўрапейскага Саюза ў чарговы раз паведаміў юрыстам Савета ЕС, што, дадючы беларускія асобы і кампаніі ў санкцыйны спіс, трэба грунтоўней аргументаваць сва рашэнне. Судовую ўладу ЕС цікавяць вельмі важкія доказы ўзаемавыгадных сувязяў бізнэсмэнаў з уладай, ускосных аргументаў — не дастаткова.

У снежні 2014 г. чатыры справы супраць Савета ЕС выйгралі Уладзімір Пефціеў і тры звязаныя з ім кампаніі — «Белтэхэкспарт», «Спорт-заклад», «БТ Тэлекамунікацыі». Нядаўна беларускія заяўнікі адсвяткавалі яшчэ два пераможныя вердыкты.

Адна справа ў якасці заяўнікоў аб'яднала Юрыя Чыжа, холдынг «Трайпл» і 12 іншых кампаній. У другой справе заяўніком, які аспрэчвае рашэнне Савета ЕС пра ўключэнне ў спіс санкцый, выступаў выключна футбольны клуб «Дынама-Мінск», у якім Чыж ачольвае наглядальны савет. У абодвух выпадках Суд ЕС пастанавіў, што Савет ЕС прыняў памылковыя рашэнні і абавязаны пакрыць судовыя выдаткі беларускім заяўнікам.

У чым палягае аргументацыя судовай улады Еўрасаюза, і чым доказы юрыстаў Савета ЕС не дагадзілі педантычнаму Суду ЕС?

Абгрунтаванасць увядзення абмежаванняў у адносінах да кампаній Чыжа і футбольнага клуба «Дынама-Мінск» залежала ад доказнай базы па «асацыяцыі Юрыя Чыжа з прэзідэнтам Лукашэнкам і яго сынамі і выгод, якія вынікаюць з падтрымкі рэжыму Лукашэнкі». Савет ЕС даказваў, што Юрый Чыж адзін з вядучых бізнэсмэнаў Беларусі, а рэжым Лукашэнкі мае блізкія і ўзаемавыгадныя сувязі з уплывовымі бізнэсмэнамі. Юрысты Савета ЕС прызнавалі складанасць падачы канкрэтных доказаў выплаты хабараў беларускім чыноўнікам з боку Чыжа, указваючы пры гэтым на «надзвычай малую верагоднасць» таго, што выгоды, прадстаўленыя рэжымам Лукашэнкі кампаніям Чыжа, не былі вернутыя апошнім у той ці іншай форме.

Савет прыводзіць наступныя факты. Па-першае, прэзідэнцкім указам Чыжу была прадстаўлена зямля ў яго роднай вёсцы Сабалі для будаўніцтва турыстычнага культурна-этнаграфічнага комплекса. Пры гэтым адказная за рэалізацыю праекта арганізацыя займела зямельны ўчастак у арэнду тэрмінам на 99 гадоў і была вызвалена ад шэрагу абавязковых адлічэнняў. Па-другое, «Трайпл» атрымаў вялікі кантракт на будаўніцтва дома для вайскоўцаў і нерухомасці для Міністэрства абароны. Савет ЕС заўважае, што выгадныя ўмовы па кантрактах дастаюцца бізнэсу Чыжа не ў выніку адкрытай працэдуры дзяржаўных закупак, а як вынік яго цеснай сувязі з рэжымам Лукашэнкі.

Суд ЕС не пагадзіўся з такой аргументацыяй. З вердыкта вынікае, што ад Савета ЕС чакалі больш канкрэтных доказаў таго, што «Трайпл» мае выгадныя кантракты ад дзяржавы менавіта па прычыне сувязяў Чыжа з Лукашэнкам, абыходзячы неабходныя працэдуры. Тым больш, указвае Суд ЕС, у беларускай практыцы маюць месца прэзідэнцкія ўказы, прысвечаныя асобным інвестыцыйным праектам. Іншымі словамі, гэта не выключныя выпадкі спрыяння групе кампаній «Трайпл». Суддзі указваюць, што аргументацыя юрыстаў Савета ЕС мае заганнае кола: маўляў, з аднаго боку, выйгрыш у тэндарах кампаній Чыжа паказвае на яго блізасць да рэжыму, а з іншай — кампаніі выйграюць, таму што ў Чыжа цесныя сувязі з Лукашэнкам.

Сам факт выплаты падаткаў «Трайплам» і Чыжом формай фінансавай падтрымкі рэжыму разглядацца не можа, бо выплата падаткаў, гаворыцца ў рашэнні Суда ЕС, — абавязак усіх беларускіх падаткаплацельшчыкаў. А што да магчымых хабараў беларускім чыноўнікам з боку Чыжа, то ўскосных доказаў недастаткова, патрэбныя факты, указвае Суд ЕС.

Як доказ асаблівых сувязяў Чыжа з вярхамі палітычнай эліты краіны Савет ЕС прывёў прыклад удзелу бізнэсмэна разам з адным з сыноў Лукашэнкі ў складзе ўрадавай дэлегацыі падчас візіту ў Расію для прасоўвання беларускіх эканамічных інтарэсаў. Але такі факт Суд ЕС не задавольвае: уключэнне вядучых бізнэсмэнаў ва ўрадавыя дэлегацыі пры наведванні замежных дзяржаў — звычайная міжнародная практыка. Да таго ж падчас згаданага візіту абмяркоўвалася пытанне супрацоўніцтва краін у сферы цяжкай прамысловасці і асабліва вытворчасці грузавых аўтамабіляў. Выгада Чыжа ў гэтай сферы не відавочная.

Нарэшце, Савет ЕС у пацверджанне асаблівых кантактаў Чыжа з Лукашэнкам прыводзіць «спартыўныя аргументы». «Улічваючы любоў прэзідэнта да спорту, займанне пасадаў у спартыўных асацыяцыях — адзін са спосабаў развіцця кантактаў з рэжымам і яго падтрымкі», — так суддзі Еўрасаюза падсумоўваюць довад юрыстаў Савета ЕС. Па-першае, адзін з сыноў Лукашэнкі старшынюе ў цэнтральным савеце Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. Па-другое, Чыж — кіраўнік наглядальнага савета футбольнага клуба «Дынама-Мінск» і старшыня Беларускай федэрацыі барацьбы. Па-трэцяе, ён рэгулярны паплечнік Лукашэнкі ў хакейных баталіях. Паводле меркавання Савета ЕС, хоць могуць мець месца і іншыя прычыны ўдзелу Юрыя Чыжа ў спартыўным жыцці краіны на такім узроўні, прыведзеныя факты не выключаюць і не змяншаюць значнасць яго сувязяў з рэжымам Лукашэнкі. Такім чынам, робіць выснову Савет ЕС, відавочныя асабістыя і бізнэс-інтарэсы Юрыя Чыжа з Аляксандрам Лукашэнкам і яго сынамі.

Але і «спартыўная аргументацыя» не задавальняе Суд ЕС. Паводле меркавання апошняга, з яе толькі вынікае, што Чыж старшынюе ў наглядальным савеце футбольнага клуба, ачольвае нацыянальную федэрацыю барацьбы і рэгулярна гуляе з Лукашэнкам у хакей, але відавочным доказам яго «асацыяцыі з рэжымам Лукашэнкі» гэтыя факты не служаць.

Такім чынам, Суд ЕС запатрабаваў больш грунтоўных доказаў цесных эканамічных сувязяў Чыжа з Лукашэнкам з боку Савета ЕС, якія той не змог прадставіць. На дадзеным этапе прававых баталій Савет ЕС пацярпеў відавочную паразу. Зрэшты, калі ў яго з'явяцца больш важкія доказы, то ў выпадку падачы апеляцыі Суд ЕС можа змяніць сваё рашэнне.

Рашэнні Суда ЕС па Чыжу і яго кампаніях прыйшліся на перыяд нармалізацыі адносін Беларусі і ЕС, таму можа  падацца, што рашэнне Суда ЕС мае палітычны складнік. Але гэта няслушная здагадка. Суд ЕС прадстаўляе незалежную судовую галіну ўлады, ягоныя вердыкты грунтуюцца выключна на прававым аналізе і легальных прэцэдэнтах па ранейшых «санкцыйных» справах.