РЭФОРУМ: Насельніцтва Беларусі: хочуць рэформаў, але не гатовыя да іх наступстваў

Друкаваная версіяPDF версія

Структурныя рэформы змяняюць баланс пераможцаў і тых, хто прайграў, у грамадстве і менавіта таму ўтрымліваюць у сабе значныя палітычныя рызыкі. У 2015 г. беларуская ўлада ў чарговы раз апынулася перад складанай дылемай: шукаць анестэзію у выглядзе знешніх рэсурсаў, якія дапамаглі б адкласці неабходнасць у тэрміновых рэформах, ці адважыцца на неабходныя рэформы (перш за ўсё, скарачэнне падтрымкі дзяржаўнага сектара), але губляць у папулярнасці. Безумоўна, выбіраючы другі варыянт, трэба выразна разумець патэнцыяльную рэакцыю насельніцтва і агульную ўстаноўку беларусаў да рэформ. 

У рамках праекта «РЭФОРУМ» BISS правёў шэраг даследаванняў[1] грамадскай думкі ў адносінах да рэформ. Мэтай даследавання стала выяўленне змен у стаўленні беларусаў да рэформ з цягам часу і пад уздзеяннем зменлівай эканамічнай сітуацыі.

Асноўная выснова даследавання заключаецца ў тым, што неабходнасць рэформаў у большай ступені адчуваецца насельніцтвам, але, адчуўшы на сабе наступствы чарговага эканамічнага крызісу ў выглядзе павышэння ўзроўню беспрацоўя і зніжэння рэальных прыбыткаў, людзі ў значна меншай ступені гатовыя цярпець негатыўныя наступствы рэфармавання.

Адказваючы на пытанне, ці патрэбныя ў Беларусі рэформы, у красавіку 2014 г. 76% рэспандэнтаў адказвалі, што рэформы сапраўды патрэбныя ці хутчэй патрэбныя, у 2015 г. колькасць такіх адказаў узрасла да 84%. Сапраўды «так» адказваюць 44% замест 43%. «Хутчэй так, чым не» - 40%, тады як летась іх доля складала толькі 33%.

Дыяграма 1. Патрэбнасць у рэформах[2]


 

Рост папулярнасці рэформ заставляет задумацца над тым, за кошт якіх сацыяльных груп гэта адбываецца.

Дыграма 2. Патрэбнасць у рэформах у разрэзе груп паводле статуса[3]


У найбольшай ступені ўзрастае ўсведамленне неабходнасці рэформаў сярод найменш абароненых, не занятых наёмнай працай катэгорый грамадзян: хатніх гаспадынь, работнікаў хатняй гаспадаркі, беспрацоўных. Рост долі прыхільнікаў рэформаў у гэтых групах складае ад +17% да +25%. Прыкметны рост таксама адбываецца ў групах пенсіянераў (+13%), навучэнцаў (+12%).

Абвастраецца ўсведамленне неабходнасці рэформ сярод уладальнікаў бізнэсу (+11%), дзяржаўных службоўцаў (+11%). Гэта можна растлумачыць больш высокай кампетэнтнасцю дадзеных катэгорый грамадзян. Прыкметна расце патрэбнасць у рэформах сярод работнікаў бюджэтнага сектара (+9%), кваліфікаваных спецыялістаў (+9%). Зніжэнне зацікаўленасці ў рэформах назіраецца толькі сярод кіраўнікоў сярэдняга звяна. Гэта можна растлумачыць тым, што гэтай катэгорыі «ёсць што губляць». Высокі ўзровень прыбыткаў дазваляе ім у меншай ступені адчуваць наступствы крызісу. Пры гэтым яны ў меншай ступені нясуць адказнасць за бізнэс і яго будучыню, чым кіраўнікі.

Важна адзначыць, што абвастрэнне патрабнасці ў правядзенні рэформаў не звязана з успрымаемым матэрыяльным становішчам. Для ўсіх груп паводле ўзроўню прыбыткаў патрэбнасць у правядзенні рэформаў становіцца больш актуальнай прыкладна ў роўнай ступені.

Дыяграма 3. Патрэбнасць у рэформах у разрэзе груп паводле матэрыяльнага становішча[4]


Другім аспектам ацэнкі стаўлення да рэформаў з'яўляецца тое, ці гатовыя грамадзяне адчуваць на сабе негатыўныя наступствы рэфармавання, калі пасля правядзення структурных рэформ на працягу 5-7 гадоў  яны могуць сутыкнуцца з зніжэннем узроўню жыцця, ростам беспрацоўя і  інфляцыі, скарачэннем сацыяльнай падтрымкі. Парадокс стаўлення беларусаў да рэформ у сітуацыі эканамічнага крызісу заключаецца ў тым, што неабходнасць рэформ яны ўсведамляюць вастрэй, але яшчэ менш гатовыя цярпець іх негатыўныя наступствы.

Калі ў 2014 г. аб гатоўнасці выпрабоўваць наступствы рэформ гаварылі 51% грамадзян, то ў 2015 г. іх доля складае толькі 39%.

Дыяграма 4. Гатоўнасць цярпець наступствы рэформ[5]


У сітуацыі эканамічнага крызісу людзі больш выразна ўсведамляюць, з чым ім прыйдзецца сутыкнуцца, і апынаюцца не гатовыя да працяглага зніжэння ўзроўню жыцця.

Таксама змяняецца і структура таго, дзеля чаго грамадзяне гатовыя цярпець негатыўныя наступствы рэфармавання. Сярод усіх прапанаваных варыянтаў апраўдання негатыўных наступстваў рэформ нязначна расце толькі папулярнасць паспяховай еўразійскай інтэграцыі і ўзмацнення Еўразійскага саюза. Гэта можа гаварыць пра тое, што грамадзяне Беларусі тлумачаць крызіс у краіне эканамічным крызісам у Расіі. Таксама амаль не губляе папулярнасці такое апраўданне негатыўных наступстваў рэформ, як Еўрапейскі шлях развіцця. Падтрымка яго скарачаецца толькі на 1%. Такім чынам, меркаванне той невялікай часткі насельніцтва, для якой поспех інтэграцыйных праектаў з'яўляецца моцным матывуючым фактарам, не надта залежыць ад эканамічнай сітуацыі. Амаль не губляе папулярнасці і высокі ўзровень жыцця для сябе ў будучыні (-3%).

У найбольшай ступені зменшылася папулярнасць такіх варыянтаў, як перспектывы высокага ўзроўню жыцця для дзяцей (-8%) і моцная, незалежная, самастойная Беларусь (-12%). Верагодна, гэтыя перспектывы здаюцца занадта аддаленымі для грамадзян, і, адчуваючы на сабе спад у эканоміцы, яны менш гатовыя да негатыўных наступстваў рэформ дзеля мэт, якіх можна дасягнуць у доўгатэрміновай перспектыве.

Дыяграма 5. Дзеля чаго Вы гатовы цярпець наступствы рэформ[6]


 

Такім чынам, мы сутыкаемся з парадаксальнай сітуацыяй. З аднаго боку, насельніцтва вастрэй, чым у 2014 г., адчувае неабходнасць правядзення рэформ, з другога – перажываючы рэальныя крызісныя з'явы ў эканоміцы і адчуваючы іх наступствы «тут і цяпер», значна менш беларусаў выражае гатоўнасць цярпець негатыўныя наступствы рэформ нават дзеля «лепшай будучыні сваіх дзяцей»" і «моцнай і квітнеючай Беларусі», якія здаваліся такімі прывабнымі яшчэ летась.



[1] Структураванае апытанне сельскага і гарадскога насельніцтва Беларусі ад 16 гадоў і больш. Першая хваля: выбарка даследавання — 1350 інтэрв'ю, рэпрэзентатыўная структуры насельніцтва па рэгіёне, тыпу населенага пункта, полу і ўзросту. Апытанне праводзілася кампаніяй «Сатио» ў сакавіку-красавіку 2014 г. Другая хваля: выбарка даследавання — 1300 інтэрв'ю, рэпрэзентатыўная структуры насельніцтва па рэгіёне, тыпу населенага пункта, полу і ўзросту. Апытанне праводзілася кампаніяй «Сатио» ў сакавіку-красавіку 2015 г.

 

[2] Размеркаванне адказаў на пытанне «На Ваш погляд, ці патрэбныя ў Беларусі рэформы?»

[3] Варыянты адказаў «так» + «хутчэй так, чым не» ў разрэзе сацыяльных груп паводле статусу.

[4] Варыянты адказаў «так» + «хутчэй так, чым не» ў разрэзе сацыяльных груп паводле матэрыяльнага становішча.

[5] Размеркаванне адказаў на пытанне «Правядзенне структурных эканамічных рэформ часта прыводзіць да зніжэння ўзроўню жыцця, росту беспрацоўя, інфляцыі, скарачэння сацыяльнай падтрымкі. Ці гатовыя Вы цярпець наступствы рэформ дзеля якаснага паляпшэння ўзроўню жыцця ў краіне праз 5-7 гадоў пасля правядзення рэформ?»

[6] Размеркаванне адказаў на пытанне «Дзеля чаго Вы гатовыя былі б цярпець негатыўныя наступствы рэфармавання ў выглядзе зніжэння ўзроўню жыцця, росту беспрацоўя, інфляцыі, скарачэння сацыяльнай падтрымкі на працягу 5-7 гадоў пасля правядзення рэформ?»