V Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі адбудзецца 2-4 кастрычніка 2015 года

29.01.2015
Друкаваная версіяPDF версія

Арганізацыйны камітэт V Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі, які адбудзецца 2-4 кастрычніка 2015 года ў Коўне (Літва), абвяшчае збор заявак на стварэнне секцый (панэляў). Заяўкі будуць прамацца да 15 сакавіка 2015 г.  

Секцыі (панэлі) могуць быць прысвечаны абмеркаванню асобных даследчых праблем ці прэзентацыі вынікаў навуковай дзейнасці ў межах асобных дысцыплін ці даследчых накірункаў. Пры падачы матэрыялаў арганізацыйны камітэт не ставіць дакладных тэматычных ці дысцыплінарных абмежаванняў, пакідаючы магчымасць прадстаўнікам акадэмічнай і экспертнай супольнасці самастойна артыкуляваць свае прыярытэты і зацікаўленасці.

Секцыі (панэлі) могуць быць дысцыплінарнымі, тэматычнымі ці вузкаспецыялізаванымі. Таксама прымаюцца заяўкі на арганізацыю секцый для разгляду актуальных грамадскіх пытанняў, арганізацыю круглых сталоў, майстар-класаў, прэзентацый і г.д.

Фарміраванне секцый і панеляў праз адкрыты збор прапаноў дазваляе Міжнароднаму Кангрэсу даследчыкаў Беларусі адпавядаць чаканням і патрэбам акадэмічнай і экспертнай супольнасці.

Арганізацыйны камітэт запрашае даследчыя арганізацыі і супольнасці, а таксама акадэмічных лідараў прыняць удзел у вызначэнні тэматычных прыярытэтаў наступнага Кангрэса.

Заяўка можа быць як калектыўнай, так і індывідуальнай. Заяўнікамі таксама могуць выступаць зацікаўленыя інстытуцыі і арганізацыі.

Для падачы заяўкі да 15 сакавіка 2015 года неабходна запоўніць анлайн-форму.  

***

Кангрэс, сузаснавальнікам яго ад самага яго пачатку з’яўляецца Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS),  з’яўляецца самай прадстаўнічай штогадовай акадэмічнай і экспертнай падзеяй, у працы якой бяруць удзел усе асноўныя інтэлектуальныя цэнтры даследавання палітыкі, грамадства і культуры Беларусі. Акрамя гэтага, правядзенне Кангрэса з’яўляецца выдатнай магчымасцю для распрацоўкі новых жыццяздольных даследчых і грамадскіх праектаў, абмена думкамі і ідэямі, ўсталявання нефармальных кантактаў з прадстаўнікамі экспертных і акадэмічных супольнасцяў Беларусі і іншых краін.

Місія Кангрэса – развіццё супольнасці навукоўцаў, аналітыкаў і экспертаў,а таксама садзейнічанне больш глыбокаму разуменню Беларусі ў акадэмічным і грамадскім асяроддзі краіны, рэгіёну і свету.

Кангрэс быў заснаваны ў 2010 годзе кансорцыумам беларускіх і літоўскіх арганізацый, у 2014 годзе ўдзел у ім узялі больш 400 чалавек з 23 краін свету.