Стаўленне прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці да рэформаў

Друкаваная версіяPDF версія

Паспяховасць рэформаў у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы шмат у чым вызначалася ўключэннем прадстаўнікоў розных груп, арганізацый і інстытутаў у выпрацоўку курсу трансфармацыі. Гэта прымушала палітыкаў эксперыментаваць, не давала ім станавіцца праваднікамі інтарэсаў толькі адной групы. У гэтым сэнсе ўключэнне грамадзянскай супольнасці ў працэс трансфармацыі з’яўляецца вельмі важным фактарам. А наколькі беларуская грамадзянская супольнасць і палітычная апазіцыя гатовыя ўдзельнічаць у працэсе рэфармавання краіны, і як яны ставяцца да рэформаў?

У межах праекта «РЭФОРУМ» BISS правёў даследаванне меркаванняў прадстаўнікоў 101 арганізацыі трэцяга сектара і палітычнай апазіцыі (далей у тэксце – ГС). Прадметам дадзенага даследавання з’яўляецца стаўленне прадстаўнікоў ГС да правядзення рэформаў у нашай краіне.

Асноўнымі задачамі даследавання былі ацэнка агульнага стаўлення да рэформаў і актуальнасці іх правядзення; вызначэнне прыярытэтаў і зместу меркаваных рэформаў; вызначэнне ступені гатоўнасці грамадзянскай супольнасці ўдзельнічаць у распрацоўцы і імплементацыі рэформаў у Беларусі.

Асноўныя высновы даследавання:

- Асноўнай сферай, якая патрабуе рэфармавання, на думку прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці, з’яўляецца палітычная сістэма. Далей ідуць рэформы эканомікі і сістэмы адукацыі.

- Прадстаўнікі ГС выступаюць за палітычную лібералізацыю, зніжэнне ўплыву дзяржавы і дзяржаўнага кантролю, увядзенне страхавой медыцыны і развіццё недзяржаўных пенсійных фондаў. Пры гэтым яны стрымана ставяцца да поўнай лібералізацыі эканомікі, у прыватнасці, прыватызацыі буйных прадпрыемстваў або прыватнай уласнасці на зямлю. Пад рэформай палітычнай сістэмы разумеецца павелічэнне ролі парламента, выбарнасць кіраўнікоў выканкамаў, павышэнне інфармаванасці грамадзян аб размеркаванні бюджэтаў і змяненне выбарчага заканадаўства.

- У адрозненні ад насельніцтва ў цэлым, для прадстаўнікоў ГС важны еўрапейскі шлях развіцця, а ў пытанні дапамогі пры правядзенні рэформаў яны шмат у чым ускладаюць надзеі на ЕС і міжнародныя арганізацыі.

- Нягледзячы на тое, што сённяшняе ўзаемадзеянне ГС і дзяржавы ацэньваецца рэспандэнтамі як недастатковае і малаэфектыўнае, большасць прадстаўнікоў трэцяга сектара выступае за сумесную працу над рэформамі ўсіх зацікаўленых бакоў. Самі арганізацыі часцей за ўсё выказваюць гатоўнасць удзельнічаць у распрацоўцы прапаноў рэформаў.