Да 20 сакавіка 2014 г. аргкамітэт IV Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі будзе весці збор заявак на стварэнне секцый

30.01.2014
Друкаваная версіяPDF версія

Арганізацыйны камітэт абвяшчае збор заявак на стварэнне секцый (панэляў) у межах IV-ага Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі. Кангрэс адбудзецца 3-5 кастрычніка 2014 года ў Коўна (Літва).

Секцыі (панэлі) могуць быць прысвечаны абмеркаванню асобных даследчых праблем ці прэзентацыі вынікаў навуковай дзейнасці ў межах асобных дысцыплін ці даследчых накірункаў. Пры падачы матэрыялаў арганізацыйны камітэт не ставіць дакладных тэматычных ці дысцыплінарных абмежаванняў, пакідаючы магчымасць прадстаўнікам акадэмічнай і экспертнай супольнасці самастойна артыкуляваць свае прыярытэты і зацікаўленасці.

Секцыі (панэлі) могуць быць дысцыплінарнымі, тэматычнымі ці нават вузкаспецыялізаванымі. Таксама прымаюцца заяўкі на арганізацыю секцый для разгляду актуальных грамадскіх пытанняў, арганізацыю круглых сталоў, майстар-класаў, прэзентацый і г.д.

Фарміраванне секцый і панеляў праз адкрыты збор прапаноў дазваляе Міжнароднаму Кангрэсу даследчыкаў Беларусі адпавядаць чаканням і патрэбам акадэмічнай і экспертнай супольнасці.

Арганізацыйны камітэт запрашае даследчыя арганізацыі і супольнасці, а таксама акадэмічных лідараў прыняць удзел у вызначэнні тэматычных прыярытэтаў наступнага Кангрэса.

Заяўка можа быць як калектыўнай, так і індывідуальнай. Заяўнікамі таксама могуць выступаць зацікаўленыя інстытуцыі і арганізацыі.

Для падачы заяўкі да 20 сакавіка 2014 года неабходна запоўніць анлайн-форму: https://palityka.wufoo.eu/forms/call-for-panels-2014

Глядзіце прыклады назваў секцый, панэляў, круглых сталоў і г.д. у праграмах Кангрэса 2012 года і 2013 года.

Дадатковыя пытанні можна задаць напісаўшы на пошту: icbs@palityka.org